Бадай, аніводнаму жыхару Заходняй Беларусі не трэба тлумачыць, што азначае «паехаць на закупы». Між тым перамяшчэнне тавараў праз мяжу з Польшчаю адбываецца і ў адваротным кірунку. А таму, каб даведацца, з чым асацыюецца Беларусь у заходніх суседзяў, часам дастаткова папросту заскочыць на выходных, скажам, на адзін з кірмашоў Беластоку, піша Belsat.
«Купляй беларускае!» – заклік, добра вядомы не толькі ў нашай краіне. Гэтак у польскім Беластоку штосуботу многія месцічы ды жыхары наваколляў спяшаюцца на рынак на вуліцы генерала Андэрса, дзе іх ужо чакаюць гандляры з-за ўсходняе мяжы.
«Вельмі добрыя яны маюць мазі да шмаравання, скажам, ад рэўматызму», – кажа пакупніца Яніна Косцюк.
«Цэлую торбу халвы купіла! Яна і лепшая, і таннейшая! Калі літоўцы прадаюць па 12 злотых за 100 грамаў, а тут, калі ласка, за 4 спадарства колькі можа купіць!», – хваліцца Марыя Кужалеўская.
Таннейшыя і больш якасныя тавары, аднак, далёка не заўжды ўласна беларускай вытворчасці. Гандляры прызнаюцца: вязуць тавар таксама і з Расеі ды Украіны. Зрэшты, і з Польшчы вяртаюцца не з пустымі рукамі.
«Раней ездзілі ў госці, а зараз ездзім, каб пражыць лепей. Іншым разам і лекі сабе купляем, і мяса», – распавядае гандлярка з Ваўкавыску Валянціна Залеўская.
Зрэшты, не ўсё ў памежным гандлі гэтак соладка. Да прыкладу, штраф за нелегальны гандаль тут складае да паўтысячы злотых – гэта каля 250-ці рублёў, таксама трэба заплаціць і за гандлёвае месца. Асабліва не заробіш.
«Гэта так подла – браць з гэтых людзей за гэты гандаль па 35 злотых! Колькі яны мусяць на 35 злотых, каб ім гэта вярнулася! Гэта ж цяжкая праца! Яны нікога не абкрадваюць, а папросту зарабляюць на хлеб!», – мяркуе пакупніца Часлава.
Пры гэтым многія беларускія гандляры на камеру размаўляць баяцца: даецца ў знакі сітуацыя на радзіме.
«Лукашэнка яшчэ дае жыць Менску. Таму што баіцца. А што мы тут, каля мяжы ці каля мяжы з Расеяй – увогуле страшна! Вы нават не ўяўляеце сабе! І нічога не скажаш, бо адразу б’юць, садзяць!», – кажа гандлярка гандлярка з Беларусі.
А таму і ўсе спадзевы – адно на мяжу. Хай і цяжка, але выжыць можна.
Добавить комментарий